СВІДРЫГА́ЙЛЫ ПАЎСТА́ННЕ 1432—39,

прынятая ў гістарыяграфіі назва феад. вайны ў ВКЛ, у якую былі ўцягнуты ўсе пласты грамадства. Мела дынастычны характар барацьбы за дзярж. ўладу паміж 2 прадстаўнікамі дынастыі Гедзімінавічаў — Свідрыгайлам Альгердавічам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Пасля абвяшчэння 1.9.1432 вял. князем Жыгімонта, якога падтрымала пераважна літ. арыстакратыя, скінуты з трона Свідрыгайла ўцёк у Полацк. Уладу Жыгімонта прызнала Жамойць, Літва і больш цесна з ёю звязаныя Брэсцкая і Мінская землі, прынёманскія воласці, Падляшша. Полацкая, Віцебская, Смаленская, Ноўгарад-Северская і Кіеўская землі, Валынь і Падолле падтрымалі Свідрыгайлу. Жыгімонт, не маючы дастатковых сіл, аднавіў дзярж. унію з Польшчай (15.10.1432 у Гродне). Яе ўмовы былі змешчаны ў акце Жыгімонта ад 15.10.1432 і акце Ягайлы ад 3.1.1433. Свідрыгайла атрымаў падтрымку ад вял. князя цвярскога, Лівонскага ордэна. У ліст. 1432 Свідрыгайла пачаў ваен. дзеянні. У жн. 1433 ён захапіў Коўна. Вяртаючыся назад, загадаў спаліць Заслаўе і Мінск. Восенню 1433 Жыгімонт спрабаваў авалодаць Мсціславам і Віцебскам, якія належалі Свідрыгайлу. Каб перацягнуць на свой бок жыхароў бел. і ўкр. зямель, Жыгімонт выдаў прывілей 1434, якім ураўнаваў асабістыя і маёмасныя правы правасл. баяр з правамі баяр-католікаў. У жн. 1435 войскі Свідрыгайлы і лівонскага магістра Ф.​Керскорфа ўварваліся ў Літву з Браслава. 1.9.1435 на р. Швянтойі каля Вількаміра гэта войска разбіта войскам Жыгімонта; лівонскае войска амаль цалкам знішчана, забіты магістр. Вял. страты мела і войска Свідрыгайлы, а сам ён вярнуўся ў Полацк. Летам 1436 Полацк і Віцебск перайшлі на бок Жыгімонта, які пацвердзіў гэтым землям ранейшыя іх прывілеі. Замацаваўшыся ў ВКЛ, Жыгімонт пачаў праводзіць больш самаст. палітыку ў адносінах да Польшчы. Таму польскія феадалы цяпер пачалі падтрымліваць Свідрыгайлу. Супраць Жыгімонта выступіла і апазіцыя літ. знаці, незадаволеная рэпрэсіямі Жыгімонта і тым, што на дзярж. пасады ён прызначаў прадстаўнікоў дробнага і сярэдняга бел. і літ. баярства. У жн. 1437 Свідрыгайла прапанаваў свайму пляменніку Уладзіславу III перадаць свае землі ў падпарадкаванне польскай кароне. Гэта паўплывала на пазіцыю баяр Кіеўскай і Валынскай зямель, якія не мелі намеру далучацца да Польшчы. Першае наступленне войска Жыгімонта на Кіеў было адбіта Свідрыгайлавым ваяводам Юршою, але пасля 2-га паходу Кіеў быў падпарадкаваны Жыгімонтам. Пад уладаю Свідрыгайлы засталіся Валынь і Падолле. Пасля ад’езду Свідрыгайлы ў Малдову, а потым у Пакуцце Валынь і Падолле прызналі ўладу Жыгімонта. Феадальная вайна скончылася.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 14, с. 256

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)